Беларуская Служба

Памежная служба: 104 іншаземцы скарысталіся праграмай рэінтэграцыі ў Польшчы і вярнуліся на радзіму

27.04.2024 17:10
Гэта былі грамадзяне 11 краін, у асноўным Турцыі, Грузіі, Індыі і Ірака, паведаміў Бяшчадскі аддзел Памежнай службы.
Польскі памежнік патрулюе мяжу з Беларуссю twitter.com/Straz_Graniczna

104 замежнікі з Закрытага цэнтра для іншаземцаў у Пшэмыслі на паўднёвым усходзе Польшчы, за апошнія некалькі месяцаў скарысталіся праграмай рэінтэграцыі і вярнуліся на радзіму. Гэта былі грамадзяне 11 краін, у асноўным Турцыі, Грузіі, Індыі і Ірака, паведаміў Бяшчадскі аддзел Памежнай службы.

Згаданым асобам на месцы была аказана не толькі фінансавая дапамога, але і дапамога пры пошуку працы.

Праграму рэінтэграцыі рэалізуе Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex у супрацоўніцтве з нацыянальнымі інстытутамі. У выпадку Польшчы - гэта Памежная служба.



Прэс-сакратар Бяшчадскага аддзела Памежнай службы падпаручнік Пётр Закелярж паведаміў, што цяпер праграма адрасавана грамадзянам каля 40 краін, такіх як Індыя, Бангладэш, Ірак, Казахстан, Пакістан, Самалі, Турцыя, В'етнам, якія знаходзяцца на тэрыторый ЕС нелегальна.

На думку экспертаў, праектам карыстаюцца ў асноўным дзве групы іншаземцаў. Адну складаюць замежнікі, якія па фармальных ці юрыдычных прычынах не могуць легалізаваць сваё знаходжанне ў ЕС і вырашаюць вярнуцца. Другую групу складаюць людзі, якія падчас знаходжання ў краінах ЕС па розных прычынах, у тым ліку, па сямейных абставінах, вырашылі вярнуцца ў краіну паходжання.

PAP/аз