Беларуская Служба

Чэргі на выезд у Еўропу павялічваюцца

09.05.2024 09:17
На некаторых пунктах пропуску на праходжанне мяжы спатрэбіцца да двух сутак, піша zerkalo.io.
Пункт пропуску "Мядзінінкай"крыніца: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы/Valstybės sienos apsaugos tarnyba

З учорашняга вечара, 8 траўня перад мяжой ЕС з боку Беларусі пачалі павялічвацца аўтамабільныя чэргі. Па абноўленых звестках Дзяржпагранкамітэта ў цэлым транспарту перад пунктамі пропуску стала больш. Падарожнікі паведамляюць, што чаканне пераходу мяжы можа складаць да двух сутак.

Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, на 8.00 9 мая ва ўсіх пунктах пропуску (акрамя "Брэста") пасажырскага транспарту стала больш у параўнанні з вечарам учарашняга дня.

У чаце, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы праз пункт пропуску "Брэст" (мяжа з Польшчай), людзі, якія едуць на асабістых аўтамабілях, паведамляюць, што чакаюць у чарзе больш за суткі, пры гэтым у зону афармлення яны яшчэ не ўехалі. Яны мяркуюць, што ў цэлым чаканне і праходжанне кантролю на дзвюх межах зойме 1,5-2 сутак.

Ёсць водгукі ад падарожнікаў, якія вырашылі схітраваць: учора каля 20.00 яны даехалі да пагранперахода, дабраліся да рэйсавага аўтобуса, які стаяў бліжэй да мяжы і далей рухаліся з ім. У гэтым выпадку людзі толькі пасля 7.00 аформіліся на беларускім баку.

У «Беняконях» (мяжа з Літвой) абстаноўка была крыху лепшай — чаканне ў чарзе складала каля 24 гадзін.

Тыя, хто паехалі ў Літву на аўтобусе праз «Каменны лог», усю ноч чакалі праходжання мяжы, а 8.40 яны яшчэ праходзілі літоўскі бок. Па заявах відавочцаў, усяго афармленне праходзілі чатыры аўтобусы.

Людзі, якія выязджаюць праз «Грыгараўшчыну» (мяжа з Латвіяй) адзначылі, што ў чарзе на аўто давядзецца чакаць афармлення не менш за 18 гадзін.

ав/zerkalo.io