Беларуская Служба

«У сучасных канфліктах важна навязаць свой наратыў»

11.05.2024 10:12
Пра гэта казалі эксперты падчас канферэнцыі па бяспецы, параўноўваючы кампанію па дэзінфармацыі пуцінскай Расіі ды тэрарыстаў з ХАМАС. 
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаtwitter.com/DefenceU // Memyselfaneye from Pixabay – CC0

Апошнія гады ў свеце павялічылася колькасць узброеных канфліктаў. Працягваецца агрэсія Расіі супраць Украіны, буйны канфлікт разгараецца на Блізкім Усходзе. Гэтыя супрацьстаянні суправаджаюцца не менш напружанай кампаніяй у інфармацыйнай сферы. Дэзінфармацыя мае адчувальнае ўздзеянне на тое, што адбываецца на полі бою.

Інфармацыйную пагрозу з боку Расіі нядаўна пацвердзіла кіраўніцтва НАТА да Еўрасаюза. Абедзве арганізацыі выказвалі занепакоенасць небяспечнымі дзеяннямі Расіі, у тым ліку кібератакамі ды дэзынфармацыйнай кампаніяй у краінах Супольнасці. Нягледзячы на санкцыі, ЕС не змог зачыніць сваю інфармацыйную прастору і расійскія СМІ па-ранейшаму даступны ў шматлікіх краінах ЕС, дзе распаўсюджваюць дэзінфармацыю. Спецыялісты, зазначаюць, што Крэмль даўно вядзе кампанію дэзінфармацыі супраць Украіны на Захадзе. Пра гэта падчас канферэнцыі Defance Day у Варшаве казала ўкраінская журналістка Кацярына Супрун з парталу «Мілітарний».

- Расіяне не спыняюць інфармацыйную вайну супраць Украіны, імкнучыся ўвесь час паляпшаць свае метады. Мы змагаемся, але нам цяжка. Не заўсёды ёсць час, каб аператыўна звязацца з міжнароднымі СМІ. Да таго ж мы мусім даваць правераную інфармацыю з добрых крыніц, а расіяне проста заліваюць Еўропу і ЗША хлуснёй ды дэзінфармацыяй. Узяць прыклад інтэрв'ю Пуціна Карлсану. Усё што Пуцін сказаў было ягонай выдумкай. Мы сабралі інфармацыю, дзе растлумачылі як было насамрэч. Аднак людзі не хочуць углыбляцца ў дэталі, разбірацца. Былі каментары людзей, напрыклад, жанчына з Партугаліі напісала які Пуцін добры знаўца гісторыі. З гэтым меркаваннем нічога не зробіш. Цяпер нам давядзецца выдаць мноства сродкаў і працы, каб разбурыць гэтыя міфы. Гэта складана, тым больш, што Расія даўно займаецца распаўсюдам дэзінфармацыі пра нас і ўкараненнем свайго міфу, што ёсць толькі Расія, а ўсе астатнія суседзі – беларусы, украінцы, грузіны, - частка расійскага міра.

Расія працягвае навязваць свету свае міфы, якія грунтуюцца на асабістых фантазіях крамлёўскага кіраўніцтва. Апошні прыклад з прамовы Пуціна на парадзе з нагоды Дня Перамогі ў Маскве, дзе расійскі дыктатар казаў пра каланіяльную палітыку Захаду па распальванні канфліктаў. Расійскае кіраўніцтва адмыслова вядзе палітыку па маніпуляцыі, каб грамадствы заходніх краін не ведалі каму давяраць, зазначыў Майкл Мэрфі з брытанскай штодзёнкі «The Telegraph».

- Дэзінфармацыя – гэта хлуслівая інфармацыя, якая распаўсюджваецца з мэтай маніпуляваць людзьмі. У гэтым нічога новага няма, раней гэта называлася прапагандай. Актыўна прапаганда выкарыстоўвалася падчас Другой Сусветнай вайны. Галоўная розніца ў тым, што за прапагандай стаялі дзяржаўныя структуры, а дэзінфармацыяй займаюцца няўрадавыя ўстановы, якія адказныя за распаўсюд фальшывых звестак праз сацыяльныя сеткі. Прапаганда канцэнтравалася на некалькіх галоўных тэмах, тады як сучасныя дэзінфарматары распаўсюджваюць безліч хлусні, каб людзі не ведалі каму можна давяраць.

Расійская палітыка па дэзінфармацыі шмат у чым пераклікаецца з інфармацыйнай дзейнасцю тэрарыстаў з групоўкі ХАМАС, якія імкнуцца праз маніпуляцыі навязаць міжнароднай супольнасці сваё бачанне канфлікту. Ім гэта ўдаецца праз адсутнасць незалежных СМІ ў Сектары Газа, і праз жаданне міжнародных медыя першымі распавесці сенсацыйную гісторыю, не клапочучыся пра дакладнасць. На гэта звяртала ўвагу журналістка Мэліса Вэйс з парталу «Jewish Insider».

- Нават карэспандэнты CNN пацвярджаюць, што ў Сектары Газа няма незалежных журналістаў. Ёсць толькі палесцінцы, але яны ніколі не дазвалялі ніякіх крытычных заўваг у бок ХАМАС. Са свайго боку Ізраіль не спрашчае журналістам доступ да Сектара Газа, на шкоду сабе. Доступ – гэта праблема. Пакуль выхаду нябачна, бо ў нашыя дні вайна вядзецца не толькі зброяй на полі бою, але ў медыя таксама. Гэтыя дзве вайны моцна пераплеценыя. Інфармацыйная вайна мае не меншы ўплыў, дастаткова паглядзець на тое, што адбываецца на кампусах амерыканскіх універсітэтаў, дзе дэзінфармацыя лёгка засвойваецца моладдзю, якая хоча бачыць свет чорна белым.

Больш за тое, журналісты замест сваёй працы па асвятленні падзей падыгрываюць тэрарыстам. На гэта звярнуў увагу былы прэсавы сакратар ураду Ізраіля Элан Леві.

- Ізраіль працуе ва ўмовах, калі СМІ ды міжнародная супольнасць ахвотна вераць ва ўсё, што кажа ХАМАС, і не верыць ва ўсё, што кажа Ізраіль. У свет пайшоў фальшывы наратыў ХАМАС, але міжнародныя медыі не хочуць прызнаваць памылку. Такім чынам міжнародныя СМІ прасоўваюць ХАМАС ды спрыяюць узмацненню ціску на Ізраіль, каб той спыніў вайну, адмовіўся ад закладнікаў ды пакінуў ХАМАС пра ўладзе.

У такіх умовах журналісты вымушаныя працаваць з усімі крыніцамі інфармацыі, каб даваць як мага больш поўную карціну падзей, зазначае Юльян Ропке са штодзёнкі «BILD».

-  Мы павінны выкарыстоўваць усе даступныя крыніцы. Калі ўзяць прыклад расійскай агрэсіі ды вайны ва Украіне, мы павінны выкарыстоўваць кожную інфармацыю, афіцыйную і неафіцыйную, нават прапаганду, каб атрымаць шырокую панараму таго, што адбываецца. Гэта не проста і можа выклікаць пярэчанні. Але, калі мы глядзім ролік у сацыяльных сетках, і бачым, што там выкарыстоўваюцца наратывы расійскай прапаганды, вайна ва Украіне ілюструецца кадрамі расійскіх афіцыйных устаноў, мы павінны яго выкарыстаць, адпаведна яго прааналізаваўшы. Мы павінны браць усе даступныя і магчымыя крыніцы, каб мець як мага шырэйшы вобраз таго, што адбываецца.

У адваротным выпадку будзе вельмі аднабаковая гісторыя вайны, у якой перамагаў бы заўсёды адзін бок: украінскі або расійскі, ізраільскі ці палесцінскі. Да такіх высноў прышлі ўдзельнікі адной з дыскусій на тэму залежнасці вайны ды дэзінфармацыі падчас канферэнцыі Defance Day у Варшаве, прысвечанай пытанням бяспекі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч