Беларуская Служба

Рашэнне сысці з Расіі было вельмі складаным - заснавальнік кампаніі гандлю вопраткай LPP

10.05.2024 16:03
Нельга было прыняць іншага, лепшага рашэння.
LPP zakończyło swoją działalność w Rosji
LPP zakończyło swoją działalność w RosjiShutterstock/SSKH-Pictures

У выданні Rzeczpospolita гутарка з Марэкам Пехоцкім (Marek Piechocki), заснавальнікам і дырэктарам польскай кампаніі LPP, да якой належаць крамы Reserved, House, Cropp, Mohito і Sinsay. Гутарка ідзе, між іншым, пра адмову ад бізнесу ў Расіі.

«Рашэнне сысці (з Расіі – рэд.) было для нас самым цяжкім рашэннем. З сённяшняй перспектывы гэта выглядае значна прасцей. Аднак 24 лютага, калі пачалася вайна, з аднаго боку, у нас быў вялікі прэсінг, каб як мага хутчэй сысці з Расіі. Гэтага чакалі і кліенты, і грамадства. З іншага боку, мы разумелі, што ёсць і адваротны бок медаля - бок бізнесу. Мы адказваем за капітал, давераны нам акцыянерамі», - кажа суразмоўца.

І дадае, што з перспектывы звыш двух гадоў, якія пайшлі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, ён разумее, што нельга было прыняць іншага, лепшага рашэння. У Расіі не засталося крам ЛПП, кампанія захавала імідж. Акрамя таго, удалося вярнуць 700 мільёнаў злотых з 2 мільярдаў злотых, якія маглі быць страчаныя.

«Безумоўна, мы яшчэ пазмагаемся за 900 мільёнаў злотых ад кампаніі, якая пераняла наш бізнес у Расіі. Аднак я думаю, што мы выканалі свае абавязацельствы перад інвестарамі... Сёння большасць таго, што мы павінны былі зрабіць (разарваць сувязі з расійскім рынкам — рэд.), ужо зроблена», - падсумоўвае Марэк Пехоцкі.

нг